Раман Юргель: Пратэсты звальненнямі не задавіць



У Беларусі страйк адбыўся ва ўмовах трох месяцаў рэпрэсій, мяркуе праваабаронца Раман Юргель.

Хаця страйк у Беларусі не адпавядае агульнаму вызначэнню, але мірныя акцыі пратэсту людзей усіх сфер дзейнасці (навукоўцаў, студэнтаў, лекараў, працоўных, малога бізнесу) паказваюць, што гэта страйк. Улады разумеюць, што пратэсты звальненнямі і адміністрацыйнымі пакараннямі не задавіць, таму перайшлі да фабрыкавання крымінальных спраў, кажа Раман Юргель:

– Па Гарадзенскай вобласці заведзена 137 крымінальных спраў, па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса. Гэта не толькі хуліганства, супраціў, гвалт супраць міліцыянтаў, ёсць і паклёп на прэзідэнта і іншыя артыкулы. Зараз праходзіць суд, у Кастрычніцкім судзе судзяць пенсіянера Юзэфа Нямеру, які заступіўся за дзяўчыну. Чалавек убачыў, што хапаюць, круцяць рукі дзяўчыне, схапіўся за АМАПаўца і гэта ўжо крымінальная справа.

Названы Юзэф Нямера абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: 342 (арганізацыя, альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак) і 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі).

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня