Праваабаронцаў выклікаюць у Ленінскі РАУС для афармлення пратакола
Інфармацыйная акцыя гарадзенскіх праваабаронцаў, якія 10 кастрычніка раздавалі жыхарам буклеты супраць практыкі смяротнага пакарання ў Беларусі, зацікавіла міліцыю Ленінскага РАУС.
Усім чатыром праваабаронцам: Раману Юргелю, Віктару Сазонаву, Уладзімеру Хільмановічу і Эдварду Дмухоўскаму тэлефанаваў інспектар Аляксей Вайцешка.
Пра характар тэлефанавання кажа Віктар Сазонаў, сябра Праваабарончага цэнтра „Вясна”.
– Наколькі я ведаю, Вайцешка патэлефанаваў усім чатыром праваабаронцам, якія прымалі ўдзел у раздачы інфармацыйных матэрыялаў пра смяротнае пакаранне. Ён запрасіў на размову. Чым гэтая размова закончыцца прадказаць нескладана. Хутчэй за ўсё будзе складзены пратакол і перададзены ў суд за правядзенне несанкцыяванага мерапрыемства. Я сказаў, што зайду, як будзе ў мяне час.
Сустрэча з міліцыянтам імаверна будзе ў панядзелак, бо цяпер праваабаронцы накіраваліся ў Вільню, дзе праходзіць форум праваабрончых арганізацыяў Беларусі, Азербайджану, Літвы, Польшчы, Расеі ды Украіны.
Кажа Раман Юргель з Беларускага Хельсінскага Камітэта:
– Званіў з Ленінскага РАУС капітан Вайцешка і прапанаваў прыйсці да іх у РАУС без усякіх позваў, каб узяць тлумачэнні і забраць пратакол пра тое, што на тыдні супраць смяротнага пакарання мы раздавалі друкаваную прадукцыю. Вось за гэта хоча нас апытаць і скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
10-га кастрычніка праваабаронцы Цэнтра „Вясна”, БХК і камітэту рэпрэсаваных „Салідарнасць” правялі вулічную акцыю, дзе раздавалі ўлёткі „шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” жыхарам Гародні. Як паведамлялі праваабаронцы, было раздадзена больш за тысячу ўлётак.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота harodniaspring.org