Рамонтныя працы на Старым Замку ў Гародні выклікаюць непакой



У Гарадзенскім Старым Замку ідуць рамонтныя работы. Спраектаваў рэстаўрацыю Інстытут „ГародняГрамадзянПраект”. Ва ўнутрызамкавым двары працуе экскаватар і каля двух дзясяткаў рабочых.

Як ставяцца да гэтага гарадзенскія гісторыікі?

Таццяна Касатая з ініцыятывы „Варштат Ідэй” мяркуе, што справы з рамонтам Старога Замка складаныя для вырашэння.

– Сапраўды трэба штосьці рабіць са Старым Замкам. Сапраўды ён разбураецца. Сапраўды ён даўно патрабуе рамонту, хаця б касметычнага. Менавіта той праект, які зараз існуе па аднаўленню Старога Замка, ён мне не вельмі падабаецца, там вельмі шмат нюансаў, пра якія ўжо пісалі шматлікія гісторыкі, і таму хацелася б знайсці залатую сярэдзіну. Аднавіць, але каб гэтае аднаўленне пайшло на карысць гарадзенцам і турыстам.

Непакой выклікае ў жыхароў Гародні нават не столькі працы над Замкам, як занятыя ім неадмыслоўцы.  У Гародні няма рэстаўрацыйных брыгадаў, таму за падрыхтоўчы этап узяліся рабочыя будаўнічага ўпраўлення №210 з аб’яднання „ГародняПрамБуд”.

Кажа кандыдат гістарычных навук Наталля Сліж:

– З савецкага часу гэта жахлівыя пліткі і ўнутранае ўбранне. Гэта, канешне, не рэзідэнцыя Стэфана Баторыя. Я бы больш звярнула ўвагу на ўнутранае ўбранне з рэнэсансавым прыгожым прыёмным залам. А знешне варта пакінуць так, як яно ёсць, таму што ні ў адным інвентары, нідзе ў нас няма падрабязнага апісання. Прычым, яшчэ адзін момант. У нас няма вытворчасці, якая паўтарала б цэглу 16 стагоддзя. І зараз працу праводзяць рабочыя, а не рэстаўратары. 

Першы падрыхтоўчы этап рэстаўрацыі,  паводле плану, павінен быць завершаны ў лютым 2019-га года.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара