Расеец скраў сейф і грошы з офіса менскай фірмы
Супрацоўнікамі ўпраўлення крымінальнага вышуку ГУУС Менгарвыканкама сумесна з аператыўнікамі Маскоўскага РУУС сталіцы затрыманы 48-гадовы расеец. Ён выкраў сейф і буйную суму з офіса, размешчанага ў адным са сталічных бізнес-цэнтраў па вуліцы Клары Цэткін.
Як паведамляе ГУУС, падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што затрыманы ўжо раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўчыненне маёмасных злачынстваў на тэрыторыі РФ. У менскім бізнес-цэнтры ён абраў адзін з офісаў, размешчаных на дзявятым паверсе, і пранік у яго, пашкодзіўшы дзвярны замок. У памяшканні мужчына узламаў два буйнагабарытныя сейфы і выкраў іх змесціва — 11.020 даляраў ЗША і больш за 34 тысячы рублёў. Яшчэ адзін сейф (невялікага памеру) скінуў уніз праз акно, а затым забраў яго, хаваючыся з месца злачынства. У гэтым сейфе, як выявілася, было 200 рублёў.
У дачыненні да падазронага пачатая крымінальная справа па ч. 4 арт. 205 КК (крадзеж). Санкцыя названай часткі артыкула прадугледжвае адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 12 гадоў.
Выкрадзеныя грашовыя сродкі мужчына патраціў на куплю дарагой машыны.