Расеец спрабаваў увезці праз „Брузгі” 300 кг гашышу
Гарадзенскія мытнікі прадухілілі спробу ўвозу на тэрыторыю Беларусі каля 300 кілаграмаў гашышу, паведамілі ў Гарадзенскай рэгіянальнай мытні.
56-гадовы кіроўца легкавога аўтамабіля Lexus 2015 г.в. ехаў з Польшчы праз пункт пропуску „Брузгі”. Выбраўшы для перасячэння мяжы «зялёны калідор», ён тым самым заявіў, што не перавозіць падлягаючыя дэклараванню і забароненыя да перамяшчэння тавары.
Аднак мытны дагляд з выкарыстаннем службовага сабакі паказаў на знаходжанне ў аўтамабілі наркатычных рэчываў.
Наркотык быў спакаваны ў брускі і схаваны ў спецыяльна абсталяваныя схованкі ў аўто. У мытні адзначылі, што наркотыкі ўдалося дастаць, толькі распілаваўшы кузаў машыны электраінструментамі.
У адпаведнасці з заключэннем эксперта Упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гарадзенскай вобласці, спрэсаванае рэчыва з’яўляецца небяспечным наркатычным сродкам – гашышам вагой брута каля 300 кг.
У дачыненні да кіроўцы, грамадзяніна Расейскай Федэрацыі, распачата крымінальная справа па абвінавачванні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 328-1 КК Рэспублікі Беларусь.
Матэрыялы справы перададзеныя ва Упраўленне Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці.
Фота grt.customs.gov.by