Расейскі фільм “Крым”: крадзеж чужой тэрыторыі як нагода для гордасці



Ва Украіне абмяркоўваюць фільм “Крым” расейскага прапагандыста Аляксея Піманава. Фільм, задэклараваны як “мастацкі”, ужо выйшаў у пракат у Расеі і даступны для запампоўкі з торэнт-файлаў. Таксама кожны ахвочы можа азнаёміцца з трэйлерамі “Крыма” на хосцінгу Уoutube.

Фільм паглядзеў і наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

У аснове сюжэта – меладраматычная лінія, якую каротка можна ахарактарызаваць так: севастопальскі патрыёт Расеі любіць яе, а яна любіць Майдан. Пры гэтым севастопальскі патрыёт па-геройску страляе з пісталета, а прыхільніца Майдана здымае дакументальны фільм “пра старажытных украў” і жлукціць гарэлку. Расейскія шпегуны прадстаўленыя п’яным хаблом-турыстам, а ўкраінскія патрыёты, – злоснымі баевікамі-бандэраўцамі, якія без дайпатрэбы падпальваюць аўтобусы, збіваюць усіх нязгодных і нават спрабуюць захапіць ракетныя ўстаноўкі, каб стрэльнуць па Вялікай Расеі, а пасля правалу хаваюцца ў падземным бункеры, бо п’яныя і баязлівыя.

Як і мае быць, у самы драматычны момант з’яўляюцца расейскія вайскоўцы, легендаваныя пад “ветлівых людзей”, і вызваляюць Крым ад фашысцка-бандэраўскага ліха. Але меладраматычная лінія пасля анэксіі абрываецца, і гэта далёка не адзіная сцэнарная хіба фільма “Крым”.

Лірычная гераіня, прыхільніца Майдану

П’яныя нелюдзі-бандэраўцы з фашысцкімі мэтамі паляць аўтобусы з рускімі людзьмі

Цвярозыя расейскія вызваленцы пасля перамогі над бандэраўскімі фашыстамі

Ці пойдзе прапагандысцкі фільм “Крым” у беларускім пракаце, пакуль невядома. Нагадаем, што пасля паказу трэйлера фільма ў кінатэатрах Менска ўкраінская амбасада выказала афіцыйны пратэст Міністэрству замежных спраў Беларусі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя