Расейскі перац з кішачнай палачкай выявілі на Гарадзеншчыне
У Гарадзенскай вобласці выявілі прыправы з бактэрыямі групы кішачнай палачкі, перадае БЕЛТА са спасылкай на аддзел дзяржнагляду Ліды абласной інспекцыі Дзяржстандарту.
Кішачную палачку спецыялісты выявілі ў молатым перцы, які прадаваўся ў краме ў Наваградку. А ў духмяным перцы гарошкам, які прадаваўся ў Іўеўскім раёне, выявілі не толькі бактэрыі групы кішачнай палачкі, але і цвіль. Яе колькасць перавышала дапушчальныя паказчыкі больш як утрая.
Спецыялісты забаранілі прадаваць гэтыя маркі перцу і занеслі тавар у рэестр небяспечнай прадукцыі, забароненай да ўвозу і абарачэння на тэрыторыі Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя