Расейскі сцяг прыбралі са школы ў Берасці



Гэтак званы „гістарычны сцяг” з сімволікай Расейскай імперыі прыбралі з кадэцкага класа школы №35 горада Берасця.

Пра гэта паведаміў кіраўнік арганізацыі „За свой горад” Ігар Маслоўскі, які двойчы пісаў звароты да мясцовых уладаў і ў міністэства адукацыі з гэтай нагоды:

– Спачатку мы атрымалі ад гарвыканкама адказ, ён нам не зусім спадабаўся. Першы адказ быў такі, што гэты сцяг знаходзіцца ў музеі школы. Мы напісалі адзін зварот, напісалі яшчэ адзін зварот у Міністэрства адукацыі. Зараз мы атрымалі станоўчы адказ, што гэты сцяг знаходзіцца па-за межамі школы, у месцы, дзе яго выраблялі, у жаночым манастыры – на тэрыторыі Берасцейскай крэпасці. Мы гэтым адказам у цэлым задаволены, у беларускіх кадэтаў ёсць свой уласны сцяг з берасцейскім гербам.

“Такім чынам уручэння так званага “гістарычнага сцяга” не адбудзецца. Бо было б дзіўна берасцейскім кадэтам атрымаць сцяг са знакамі імператара Мікалая І, уласна пры якім і было зруйнавана Берасце. Менавіта ў часы ягонага кіравання, стары горад знішчылі і на яго месцы пабудавалі Берасцейскую крэпасць”, – падсумаваў Ігар Маслоўскі.

Яўген Скрабец, Беларускае Радыё Рацыя