Расейскі супергерой ва ўкраінскіх акопах
Былы расейскі актор Анатоль Пашынін ужо больш за месяц ваюе на баку Украіны ў зоне АТА ў складзе восьмага батальёна „Украінскай добраахвотніцкай арміі”.
Яго кінавобразы гераічных расейскіх вайскоўцаў сталі зброяй у руках крамлёўскай прапаганды, але цяпер ён сам узяў у рукі зброю, каб абараніць ад ворагаў родную Украіну.
У кішэні свайго камуфляжа ён носіць пабляклы пашпарт з двухгаловым арлом, але яго карані і яго сям’я – ва Украіне. Баец батальёна „Арата” паспеў правесці ў расейскіх акопах нямала дзён. Праўда, дні былі здымачныя, а акопы кіношныя. Чатыры гады таму расейскі актор Анатоль Пашынін, зорка серыяла „Навальнічныя вароты”, і не падазраваў, што вернецца абараняць зямлю продкаў, дзе і акопы, і кулі, і смерць зусім не кіношныя.
Расейскае тэлебачанне некалькі разоў на год круціць „Навальнічныя вароты”. Галоўны герой, старэйшы лейтэнант Даронін, узор расейскага афіцэра, пераконваў мільёны расейцаў, што паміраць за Крэмль – гэта ганарова і прыгожа. Пасля Еўрамайдана кумір расейскага гледача пакінуў у Маскве прэстыжную працу, кватэру ў цэнтры, уплывовых сяброў і багемнае жыццё ды вярнуўся ва Украіну.