Расейскі журналіст Аляксандр Сотнік вывез сям’ю ў Еўразвяз праз Беларусь



Вядомы і папулярны расейскі блогер Аляксандр Сотнік выехаў з сям’ёй на тэрыторыю Еўразвязу ў звязку з пагрозамі, што пасля прэзідэнцкіх выбараў РФ яму пагражае забойства альбо ізаляцыя ў псіхіятрычнай клініцы. Пра гэта ён расказаў на сваім канале ў YouTube.

„Днямі я атрымаў ліст наступнага зместу: „Калі хочаце жыць, то да 16 сакавіка вам трэба пакінуць тэрыторыю Расеі. За два дні да выбараў вас у краіне быць не павінна. Таксама папярэдзьце сваіх слухачоў, што ў вас усё добра і паміраць вы не збіраецеся, таму што пройдзе інфармацыя, што ў вас здарыўся крызіс і вы пастанавілі скончыць жыццё самагубствам”, – заявіў журналіст.

Сотнік заявіў, што ён эвакуяваў сваю сям’ю з Расеі. 6 сакавіка ён з роднымі выехаў з Расеі на машыне праз Беларусь і перасёк мяжу з Літвой. „Сёння мы знаходзімся па-за зонай дасягальнасці расейскіх спецслужбаў”, – паведаміў журналіст.

Аляксандр Сотнік падкрэсліў, што яго канал на YouTube не спыняе працу. 

Раней, 20 верасня 2016 года Сотнік апублікаваў адкрыты зварот, у якім заявіў, што пакідае тэрыторыю РФ у звязку з пагрозай яго жыццю. Журналіст пэўны час пражыў у Грузіі, пасля чаго вярнуўся ў Расею. Зараз ён выехаў ужо  з сям’ёй, у тым ліку з нядаўна народжаным сынам.

Беларускае Радыё Рацыя