„Расейскія акупацыйныя войскі бамбяць і бамбяць мой горад”



Жыхарка Чарнігава, спадарыня Вольга, распавядае нашаму радыё пра апошнія падзеі вайны на той тэрыторыі, дзе яна жыве.

РР: Вельмі небяспечная сітуацыя ў Чарнігаве. Калі ласка, апішыце, што ў вас там адбываецца?

Спадарыня Вольга: Расейскія акупацыйныя войскі бамбяць і бамбяць мой цэнтр горада. Яны цэляць выключна ў грамадскія аб’екты, шмат разбураных будынкаў, школаў і садкоў, лякарні і для дарослых, і для дзяцей. То-бок поўнасцю ідуць авіяўдары па грамадскіх аб’ектах.

РР: Атрымліваецца, што зараз расейцы цэляцца выключна на грамадскія аб’екты?

Спадарыня Вольга: Так

РР: Ёсць магчымасць нейкім чынам ацаніць вось гэты ўрон?

Спадарыня Вольга: На гэтую хвіліну нават улады не могуць дакладна сказаць лічбы. Канешне, ёсць загінулыя і шмат параненых. Аднак я не магу пакуль дакладна вам адказаць.

РР: Людзі, якія жывуць у гэтым горадзе, знаходзяцца ў нейкім вакуўме? Бо вы сказалі, што нават улады пакуль не ведаюць падрабязнасцяў. Панікі ж, напэўна, няма?

Спадарыня Вольга: Панікі няма, усе маем зносіны праз тэлеграм-каналы, бо „Вайберу” мы не давяраем, гэта не наш мэсэнджар. І ўся інфармацыя, што адбываецца ў Чарнігаве, і сувязь з мэрам таксама адбываецца праз тэлеграм-каналы. Толькі так. Зваротны дыялог звычайна ёсць. Вось так мы атрымліваем інфармацыю.

РР: А ці працуе нейкае радыё ці іншае СМІ, акрамя, як гаворыцца, сігналаў паветранай трывогі?

Спадарыня Вольга: У нас у кожнага ў будынку ёсць радыёпрыёпрымач, ёсць мабільныя дадаткі “Трывога”. У каго няма ФМ-радыё, то людзі могуць чуць абвесткі праз мабільныя дадаткі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя