Расейскія эколагі крытыкуюць літоўскіх калег



Актывісты расейскага міжрэгіянальнага экалагічнага руху „Ака”, якія разам з членамі Беларускай грамадскай арганізацыі „Экалагічная ініцыятыва” 9 лістапада завяршылі даследчую экспедыцыю на Беларускую АЭС, не сталі запрашаць да ўдзелу ў паездцы галоўных крытыкаў праекта — прадстаўнікоў Літвы.

Старшыня каардынацыйнага савте руху „Ака” Алан Хасіеў паведаміў, што прадстаўнікі яго арганізацыі сустракаліся з літоўскімі эколагамі толькі аднойчы — на круглым стале па пытаннях экалагічнай бяспекі эксплуатацыі БелАЭС у 2013 годзе ў Менску.

„На жаль, пасля гэтага яны больш не ўдзельнічалі ў нашых сустрэчах, — сказаў Хасіеў. — Яны стараюцца не даследаваць сітуацыю, а атрымліваць інфармацыю з інтэрнэту. Пошук „смажаных” фактаў замест даследаванняў — гэта самая вялікая памылка, якую дапускаюць нашы апаненты”.

На пытанні, чаму эколагаў з Літвы не запрасiлі паўдзельнічаць у цяперашніх даследаваннях, каб яны не абапіраліся на інфармацыю з сетак, суразмоўца адказаў: „У гэтую паездку мы запрасіць літоўцаў не маглі, таму што ў Літве няма атамнай генерацыі”. „Тое, што яны ў свой час спынілі эксплуатацыю Ігналінскай АЭС, — гэта іх стратэгічная памылка. Яны, на жаль, замест таго каб гэта папраўляць, усяляк перашкаджаюць стварэнню ўласных атамных генерацый у суседзяў”, — заявіў Хасіеў.

Разам з тым ён падкрэсліў, што рух „Ака” выступае за ўстанаўленне прынцыпаў „роўнасці, узаемнасці і адкрытасці правядзення грамадскімі экалагічнымі арганізацыямі даследаванняў на атамных станцыях свету”. Гэтыя прынцыпы, на яго думку, „павінны легчы ў аснову ўзаемадзеяння грамадзянскай супольнасці і атамшчыкаў не толькі ў Беларусі і Расеі, але і ў іншых дзяржавах, якія развіваюць атамную энергетыку, у тым ліку ЗША і краінах Еўропы”.

belapan.com