Расейскія пагранічнікі выратавалі ля берагоў Крыма беларускіх турыстаў
Супрацоўнікі пагранічнага ўпраўлення ФСБ Расіі па Крыме правялі паспяховую аперацыю па выратаванні яхты, якая рухалася пад сцягам Беларусі, і пяці беларускіх грамадзян на яе борце, паведамляе агенцтва Крыминформ.
Паводле інфармацыі памежнікаў, 8 жніўня ў 18.10 пагранічны вартавы карабель атрымаў сігнал аб дапамозе ад капітана замежнай яхты тыпу катамаран (порт прыпіскі Берасце). Судна цярпела бедства з-за ўзмоцненага ветру, які нёс яго ў адкрытае мора.
„Ужо праз паўгадзіны экіпаж вартавога катэра „Мангуст” у раёне мыса Мікалая аказваў дапамогу судну, якое цярпела бедства. Прыняўшы на свой борт пяць падарожнікаў, вартавік пачаў буксіроўку яхты ў бухту Ціхая”, — паведамілі ў пагранупраўленні.
Выратаваныя рабілі марскі круіз уздоўж крымскага ўзбярэжжа. „Па шчаслівым збегу абставін у выніку здарэння ніхто з гасцей Крыма не пацярпеў, і ўжо сёння яны працягнулі падарожжа па вызначаным маршруце”, — удакладнілі памежнікі.
БелаПАН