Расейскія сацыёлагі: за саюз з Расеяй — амаль 90% беларусаў



Амаль 90% беларусаў выступаюць за саюзніцкія і партнёрскія адносіны з Расеяй. Такія вынікі паказала апытанне, праведзенае расейскімі сацыёлагамі ў Беларусі, піша расейскае выданне «Коммерсант». Апытаннем займаўся Цэнтр прасторавага аналізу міжнародных адносін МГІМО ў рамках праекта «Трансфармацыі электаральных паводзінаў у рэгіёнах краін, памежных з Расейскай Федэрацыяй: параўнальны прасторавы аналіз».

Падчас апытання было зроблена больш за 7000 тэлефанаванняў, сабрана 500 поўных анкет з кантролем выбаркі па ўсіх рэгіёнах Беларусі і па полаўзроставай структуры рэспандэнтаў. Як піша расейскае выданне, на пытанне, якія адносіны з Расеяй вы лічыце найбольш прымальнымі для Беларусі, амаль 58% адказалі «саюзніцкія»; 32% – «партнёрскія»; 10% – «нейтральныя». Толькі 0,2% апытаных заявілі, што адносіны паміж краінамі павінны быць варожымі. Столькі ж рэспандэнтаў не змаглі адказаць на гэтае пытанне.

У верасні вынікі свайго сацыялагічнага апытання агучваў кіраўнік «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэй Вардамацкі, і яны істотна адрозніваюцца ад расейскіх сацыёлагаў. Паводле яго звестак, за саюз з Расеяй выступаюць 54,5% беларусаў, а 25% – за саюз з Еўропай. Яшчэ 20,5% апытаных не ведаюць, што адказаць, ці не вызначыліся з адказам на гэтае пытанне.

Беларускае Радыё Рацыя