Расея збіраецца выдаць Беларусі яшчэ аднаго ўдзельніка пратэстаў



Расея збіраецца выдаць Беларусі яшчэ аднаго ўдзельніка пратэстаў — Андрэя Казімірава.

Насуперак забароне Еўрапейскага суда па правах чалавека, выдаць Беларусі Андрэя Казімірава, фігуранта справы аб „масавых беспарадках”, дазволіў расейскі суд. Рашэнне ўступіла ў сілу 29 ліпеня.

Казіміраў удзельнічаў у мірных пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі і быў паранены гумовай куляй у нагу. Яго разам з сябрам затрымалі ў жніўні. Па словах адваката, хлопца збівалі, а праз два дні ўзялі пісьмовую заяву, што ён не мае ніякіх прэтэнзій да міліцыянтаў і адпусцілі.

У верасні мінулага года Андрэй Казіміраў з’ехаў з Беларусі. У студзені сёлета яго затрымалі ў Расеі. Казіміраў — адзіны затрыманы ў Расеі беларус, якога расейскія праваабаронцы прызналі палітвязнем.

Раней Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў выдаваць Беларусі затрыманага ў РФ спартсмена Аляксея Кудзіна, удзельніка пратэстаў у жніўні 2020-га. Аднак яго ўсе адно перадалі беларускім праваахоўнікам, і ён знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: abc-belarus.org