Рашэнне Генпракуратуры адносна Курапатаў так і не выканана



Прадстаўнікі грамадскасці працягваюць дамагацца, каб Генеральная пракуратура Беларусі выканала сваё рашэнне і абараніла мемарыял Курапаты ад несанкцыянаванай забудовы. Таму група грамадзян накіравала  старшыні Менскага гарадскога суду наглядную скаргу на рашэнне суду Цэнтральнага раёну і пастанову судовай калегіі па грамадзянскіх справах гарадскога суду. Па словах  аднаго з аўтараў скаргі, грамадскага актывіста і журналіста Марата Гаравога, ранейшыя судовыя пастановы па гэтай справе нельга прызнаць законнымі і абгрунтаванымі.

– Гэтыя пастановы падлягаюць адмене, а справа накіравана на разгляд у суд першай інстанцыі. У свой час мы прасілі суд першай інстанцыі абавязаць Генпракуратуру прадпрыняць неабходныя дзеянні для ўпраўлення парушэнняў заканадаўства аб ахове Курапатаў з боку Белрэстінвесту. Гаворка ідзе пра вынас чатырох дамкоў прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай «Бульбаш-хол» з тэрыторыі ахоўнай зоны народнага мемарыяла.

Прадстаўленне аб гэтым Генпракуратура вынесла Менскаму аблвыканкаму яшчэ 27 лістапада 2012 году. Прайшло амаль 2 гады, а незаконныя будынкі так і  не вынесены з ахоўваемай зоны.  Тым не менш, суды адхіляюць скаргі грамадзянаў, якія дамагаюцца ад пракуратуры выканання вынесенага ею ж рашэння. Па словах Марата Гаравога, калі старшыня Менскага гарсуду пакіне ў сіле ранейшыя судовыя пастановы, грамадзяне звярнуцца ў Вярхоўны суд. У выніку адмовы і там, накіруюць скаргу ў Каміэт па правах чалавека ААН.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя