Прысуд па “пінскай справе” абвесцяць 30 красавіка



Ужо на наступным тыдні, 30 красавіка, суддзя Яўген Брэган агалосіць прысуд па “пінскай справе”. Пракуроры Міхаіл Дайнэка і Сцяпан Ляшок запрасілі для чатырнаццаці пінчукоў-палітвязняў ад пяці з паловаю да шасці з паловаю гадоў турмы ўзмоцненага рэжыму.

Па словах праваабаронцы Алеся Рамановіча, няма надзеі на тое, што Брэган неяк істотна зменшыць тэрміны:

–  Суддзя так і дасць, прыме такое рашэнне, як запрасіў пракурор. Практыка апошніх судоў паказвае, што суддзі  даюць роўна такія тэрміны, якія просяць пракуроры. Рэдка бываюць выключэнні, менавіта па палітычных справах.іІ, хутчэй за ўсё, мне здаецца, суддзя зараз працуе ў звязцы з пракурорам. бачна гэта па працэсу.

З чатырнаццаці пічнукоў-палітвязняў чацвёра катэгарычна не прызнаюць сваёй віны, восем вызналі часткова і абодва цалкам. Акрамя вялікіх тэрмінаў, пацярпелыя міліцыянты запрасілі спагнаць з палітвязняў агулам 530 тысяч рублёў маральнай кампенсацыі.

Беларускае Радыё Рацыя