Рашэннем суда тэлеграм-канал Nexta-Live прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім



Рашэннем суда Цэнтральнага раёна Менска тэлеграм-канал Nexta-Live і лагатып Nexta прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда Беларусі.

„20 кастрычніка 2020 года рашэннем суда Цэнтральнага раёна г. Менска інфармацыйны канал інтэрнэт-мэсэнджара Telegram — Nexta-Live (t.me/nexta_live) і лагатып (лічбавы вадзяны знак) Nexta прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, якія ўтрымліваюць інфармацыйную прадукцыю (відэаролікі, заклікі і публікацыі як ад імя самой рэдакцыі канала, так і падпісчыкаў) з прыкметамі экстрэмісцкай дзейнасці, а менавіта: арганізацыя і публічныя заклікі да ажыццяўлення масавых беспарадкаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

„Названыя абставіны пацверджаныя экспертным заключэннем Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праявы экстрэмізму. Гэта заключэнне складзенае ўпаўнаважаным органам, у сувязі з чым прызнанае сапраўдным і дастатковым доказам па справе”, — адзначае прэс-служба ВС.

Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь дадзена распараджэнне ўключыць тэлеграм-канал Nexta-Live і лагатып Nexta ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, прыняць меры па абмежаванні доступу да інфармацыйных рэсурсаў, якія ўтрымліваюць аналагічныя назвы, і іх распаўсюджвання ў беларускім сегменце. Рашэнне суда падлягае неадкладнаму выкананню, падкрэсліваецца ў паведамленні.

Грамадзянская справа была разгледжаная па заяве галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

„Як устаноўлена падчас судовага пасяджэння, МУС праводзяцца мерапрыемствы ў дачыненні да асоб, якія ў тэлеграм-канале Nexta-Live у перыяд з 9 па 11 жніўня 2020 года размясцілі інфармацыю, у якой згодна з экспертным заключэннем Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праявы экстрэмізму ўтрымліваюцца прыкметы экстрэмісцкай дзейнасці: арганізацыя і публічныя заклікі да ажыццяўлення масавых беспарадкаў”, — паведамляе прэс-служба.

Экстрэмісцкімі матэрыяламі лічыцца інфармацыйная прадукцыя (друкаваныя, аўдыя-, аўдыявізуальныя і іншыя інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, плакаты, транспаранты і іншая наглядная агітацыя, рэкламная прадукцыя), прызначаная для публічнага выкарыстання, публічнага распаўсюджвання альбо распаўсюджаная любым спосабам, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, прапагандуе такую дзейнасць і прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі па рашэнні суда.

Згодна з ч. 1, 3 арт. 14 закона „Аб процідзеянні экстрэмізму” распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць, яе выраб, захоўванне і перавозка ў мэтах распаўсюджвання забараняюцца.

Канал Nexta спачатку з’явіўся ў кастрычніку 2015 года на YouTube. Яго стваральнік — журналіст, блогер Сцяпан Пуціла. У мэсэнджары Telegram канал Nexta з восені 2018 года. На гэты момант у тэлеграм-канала Nexta-Live амаль 2 млн падпісчыкаў.

14 жніўня гэтага года стала вядома, што ў Беларусі распачатая крымінальная справа ў дачыненні да Сцяпана Пуцілы — ён падазраецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 і 3 арт. 293 КК). 22-гадоваму заснавальніку Nexta, які пражывае ў Польшчы, пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Ён абвешчаны ў міжнародны вышук.

belapan.by

Фота svaboda.org