Раскрытае забойства дзяўчынкі ў Баранавічах, здзейсненае ў 1999 годзе
Як паведаміў 26 чэрвеня на брыфінгу ў Берасці начальнік следчага ўпраўлення ўпраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Андрэй Самусенка, 28 ліпеня 1999 года ў раёне вуліцы Заводская было знойдзенае цела 14-гадовай мясцовай жыхаркі з нажавым раненнем шыі.
У той жа дзень распачалі крымінальную справу. Тады злачынства раскрытае не было. З 1999 года праца па крымінальнай справе працягвалася як следчымі падраздзяленнямі, так і падраздзяленнямі крымінальнай міліцыі.
Паводле слоў начальніка аддзела судова-біялагічных і судова-генетычных экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Берасцейскай вобласці Вольгі Драздоўскай, у 1999 годзе на месцы агляду трупа дзяўчынкі былі канфіскаваныя біялагічныя сляды, якія маглі належаць злачынцу.
„Прызначаліся экспертызы. Яны праводзіліся ў 2000, 2004, 2006 гадах. На той момант вынікаў, якія б дапамаглі ў расследаванні, не было. Навука, тэхніка і вопыт працы судовай генетыкі былі недастатковымі”, — адзначыла Драздоўская.
У 2016 годзе супрацоўнікі крымінальнага вышуку УУС Берасцейскага аблвыканкама паўторна вывучалі матэрыялы нераскрытых забойстваў. „Было прынятае рашэнне зноў даследаваць рэчавыя доказы, канфіскаваныя з месца забойства дзяўчынкі. Экспертам удалося атрымаць добры ўзор ДНК меркаванага злачынцы”, — адзначыў начальнік аддзела ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Андрэй Хрысцюк.
У 2018 годзе падчас расследавання разбойнага нападу на прадпрымальніка ў Баранавічах у поле зроку міліцыі трапіў раней судзімы за разбой 38-гадовы мясцовы жыхар райцэнтра. У яго былі ўзятыя біялагічныя ўзоры для даследавання.
Спецыялісты аддзела судова-біялагічных і судова-генетычных экспертыз з выкарыстаннем сучаснага абсталявання ўстанавілі, што біяматэрыял грамадзяніна супадае з генатыпам мужчыны, біялагічны матэрыял якога быў выяўлены на месцы забойства школьніцы ў 1999 годзе.
25 чэрвеня падазраваны быў затрыманы. З ім праводзяць неабходныя следчыя дзеянні, у тым ліку з выездам на месца злачынства. Найбліжэйшым часам плануецца разгледзець пытанне аб прымяненні да падазраванага меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Фігурант крымінальнай справы працуе ў арганізацыі ў Баранавічах. Пасля забойства дзяўчынкі яго двойчы судзілі за разбой.
belapan.by