Пачата крымінальная справа ў дачыненні да Віктара Лемяшэўскага
Генеральная пракуратура правярае абставіны будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю акумулятарнага завода ў Берасці, паведамляе прэс-служба ведамства.
У вытворчасць Генпракуратурай прынятыя крымінальныя справы, распачатыя КДБ на падставе артыкулаў 430 (атрыманне хабару) і 431 (даванне хабару) у дачыненні да кіраўніка ТАА „ПАК-кіраванне” Віктара Лемяшэўскага, галоўнага бухгалтара ТАА „Белінвестгандаль-Сплаў” Святланы Лемяшэўскай, начальніка аддзела тэхнічнага развіцця ТАА „Белінвестгандаль-Сплаў” (раней дырэктара гэтага таварыства) Сяргея Ахрэмчука і намесніка дырэктара ТАА „Белінвестгандаль-Сплаў” Івана Пакіслюка.
1 ліпеня да названых асобаў была прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
З ініцыятывы Генпракуратуры адноўленае следства па прыпыненых крымінальных справах у дачыненні да індывідуальных прадпрымальнікаў Дзмітрыя Рудскога і Сяргея Жуковіча, распачатых па фактах парушэння экалагічнага і падатковага заканадаўства. У дачыненні да гэтых асобаў таксама прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад вартай.
Як адзначаецца ў паведамленні, падчас следства будзе дадзеная прававая ацэнка дзеянням і іншых службовых асоб, у тым ліку дзяржаўных органаў.
Віктар Лемяшэўскі — сузаснавальнік акумулятарнага завода пад Берасцем, дырэктар ТАА „ПАК-кіраванне”, член Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце.
Пра затрыманне бізнесмена паведаміў 28 чэрвеня партал tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы. У прэс-службе Следчага камітэта і МУС БелаПАН на той момант заявілі, што не валодаюць інфармацыяй аб затрыманні, у прэс-службе КДБ ад каментароў адмовіліся.
Акумулятарны завод пад Берасцем пабудавала група кампаній 1AK-GROUP, у якую ўваходзіць ТАА „ПАК-кіраванне”. На заводзе плануецца ажыццяўляць вытворчасць свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Мясцовыя жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. З пачатку 2018 года ў Берасцейскай вобласці пастаянна праходзяць акцыі пратэсту, удзельнікі якіх выступаюць катэгарычна супраць працы акумулятарнага завода.
14 чэрвеня гэтага года Берасцейскі аблвыканкам на фоне працягу акцый пратэсту абвясціў аб рашэнні прыпыніць будаўніцтва акумулятарнага завода. 17 чэрвеня абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол заводу на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.
У адказ прадстаўнікі 1АК-GROUP заявілі, што ім невядома пра прычыны рашэння, якое прыняў аблвыканкам. 25 чэрвеня 1AK-GROUP распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім заявіла пра важнасць акумулятарнага завода пад Берасцем для краіны.
28 чэрвеня кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава паведаміла журналістам, што Аляксандр Лукашэнка даручыў кампетэнтным органам „больш глыбока і дэталёва разабрацца з сітуацыяй” вакол акумулятарнага завода ў Берасці.
belapan.by