Распачата праца над базай рэпрэсаваных у Беларусі з 1917-га па 1990-я гады

1-га снежня ва Уроцлаве адбылася прэзентацыя праекту базы звестак аб рэпрэсіях у Беларусі. Агулам у базе, атрыманай ад ананімнай крыніцы з МУС Беларусі, маецца адзін мільён імёнаў асуджаных з 1917-га па 1990-я гады. Група валанцёраў павінна яе ўпарадкаваць і выдзеліць менавіта рэпрэсаваных асобаў. Кажа ўдзельніца праекта, валанцёр, спадарыня Эльжбета:
– Цяпер вельмі добры час, каб даследваць гэтую тэму. Бо даследвацца яна будзе таксама за мяжой, і мажліва, звесткі, што будуць публікавацца цяпер, яны дазволяць аднавіць гісторыі тых сем’яў, што не ведалі што адбывалася з іхнымі продкамі ў 20-30 гады. Мы базу атрымалі ад ананімнай крыніцы, якую верыфікавалі BelPol. Калі будзе скончаная праца над базай, можна будзе праз яе спраўдзіць, ці былі рэпрэсаваныя, ці не. І таксама індывідуальна даведацца нейкія падрабязнасці.
Па словах удзельніцы праекта, у гатовай базе звестак аб рэпрэсіях у Беларусі з 1917-га па 1990-я гады будуць указаныя імя і прозвішча рэпрэсаванага, артыкул па якім была панесеная крымінальная адказнасць і інфармацыя пра рэабілітацыю. Праца над базай зойме каля года. Карыстанне базай будзе бясплатным.
Беларускае Радыё Рацыя
