Пачаты збор подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг
Лідар „Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч пачынае кампанію па зборы подпісаў за прадастаўленне бел-чырвона-беламу сцягу статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
“У беларускім грамадстве ўзрастае цікавасць да сваёй гісторыі, сапраўдных нацыянальных сімвалаў: бел-чырвона-белага сцяга і герба „Пагоня”. Акцыі, якія праводзіліся на працягу лета прадэманстравалі, што тысячы беларусаў падтрымліваюць вяртанне нашай сімволікі”, — кажа палітык:
— 19-га верасня было 25 гадоў з дня калі бел-чырвона-белы сцяг быў зацверджаны дзяржаўным сцягам Беларусі разам з гербам Пагоня і я падумаў, што таксама было б добра ў грамадстве распачаць такую кампанію па папулярызацыі нацыянальных сімвалаў і адначасова выступіць са зваротам да міністэрства культуры, каб бел-чырвона-белы сцяг, які чатыры гады быў у нас дзяржаўным, быў унесены ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Каб не было такіх ганебных міліцэйскіх пратаколаў, як «ішлі па вуліцы з незарэгістраванай сімволікай».
Зміцер Дашкевіч таксама адзначае, што заклікае партыі і грамадскія арганізацыі далучацца да сваёй кампаніі і збіраць подпісы за бел-чырвона-белы сцяг.
Падпісны бланк можна спампаваць па спасылцы padpisny-blank-za-bie
Кіраўнік „Арт-сядзібы” Павел Белавус назваў марнай тратай часу ініцыятыву лідара „Маладога фронту” Зміцера Дашкевіча, які пачынае кампанію па зборы подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Павел Белавус кажа, што ўжо змагаўся за бел-чырвона-белы сцяг і практыка паказала, што зусім не абавязкова збіраць подпісы, каб улады разгледзелі такую прапанову:
– Мы ўжо гэта ўсё праходзілі, рабілі навуковае абгрунтаванне пры дапамозе гісторыкаў і навукоўцаў. Навуковая рада яго разглядзела, але палічыла нашы довады непераканаўчымі, хаця там вельмі грунтоўная праца. На гэтым тады справа скончылася, таму я не бачу сэнсу зараз у зборы подпісаў, толькі ў мэтах нейкай інфармацыйнай кампаніі. Для таго, каб гэтая справа пайшла далей, да разгляду навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры, то трэба рыхтаваць вось гэты дакумент. Час прайшоў, трэба глядзець, што яны адкажуць пасля разгляду на сённяшні дзень.
Таксама ўсім тым, хто жадае падтрымаць кампанію сваім удзелам, у СМІ ці сацыяльных сетках прапаноўваецца выкарыстоўваць хэштэг #нашсцяг.
У 1995 годзе пасля ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндума, бел-чырвона-белы сцяг разам з гербам „Пагоня” пазбавілі статусу афіцыйных дзяржаўных сімвалаў. Пасля гэтага бел-чырвона-белы сцяг разам з „Пагоняй” трапіў пад негалосную забарону, а за карыстанне імі ў публічных месцах беларусы неаднойчы затрымліваліся сілавымі органамі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя