Распрацавана турыстычная мапа Гарадзеншчыны



У межах рэалізацыі праекта “Планета ідэй – транспамежны трансфер ведаў у галіне прыцягнення інвестыцый для развіцця прыпамежнага турызму” распрацавана мапа турыстычнага патэнцыялу Гарадзенскай вобласці. Яна ўключае у сябе як месцазнаходжанне помнікаў архітэктуры, так і мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю знакамітых людзей. Мапу можна набыць у турыстычна-інфармацыйных цэнтрах Прынёмання. Інфармацыйны дапаможнік, на думку намесніка старшыні грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі турыстычна-спартыўны саюз” Сяргея Каляды, накіраваны на шырокае кола турыстаў і з’яўляецца прыкладам паспяховай супрацы як з Еўразвязам, так і непасрэдна з самімі турыстамі:

– Разам з калегамі пішам заяўку, рыхтуем яе, праходзім конкурс. І калі перамагаем, то з’яўляюцца грошы.  Як знайсці ідэю праекта, у якім кірунку рухацца? Тут дапамагае зваротная сувязь: прыходзяць турысты і кажуць, што ім цікава ў Беларусі.

Праект “Планета ідэй – транспамежны трансфер ведаў у галіне прыцягнення інвестыцый для развіцця прыпамежнага турызму” рэалізоўваецца ў межах праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Польшча – Беларусь – Украіна”. Яго агульны бюджэт перавышае 360 тысяч еўра.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота photo.by