Рассельгаснагляд: Большая частка беларускага сыру няякасная



Рассельгаснагляд паведамляе, што большая частка беларускага сыру, які пастаўляецца ў Расею, не адпавядае патрабаванням Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза.

Сёлета ў 20 з 91 даследаванай партыі беларускага сыру расійскія эксперты знайшлі перавышэнне масавай долі кансерванту. Сайт ведамства паведамляе, што небяспечную прадукцыю выраблялі філіялы Рагачоўскага МКК”, Малочная кампанія „Навагрудскія Дары” і Слуцкі сыраварны камбінат.

Агулам было праверана 360 тон сыру. Больш як 190 тон мелі перавышэнне масавай долі кансерванта натрыю азотнакіслага Е251. Такім чынам, 53% беларускага сыру не адпавядаюць Тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза.

Расейскі бок заяўляе, што беларускія вытворцы не выпраўляюць парушэнні. Таму цяпер прадукцыю гэтых прадпрыемстваў у Расею можна будзе ўвозіць толькі пасля даследаванняў у расейскай акрэдытаванай лабараторыі.

У ліку прадпрыемстваў, якія дапусцілі выпуск нядобраякаснай прадукцыі, называаюцца таксама Любанскі і Капыльскі філіялы Слуцкага сыраварнага камбіната, СААТ „Белавежскія сыры”.

Уся прадукцыя была вернутая беларускім адпраўнікам.

„Еўрарадыё”