Расследаванне спраў аб знікненні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага прыпыненае



Расследаванне спраў аб знікненні экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага прыпыненае. Адпаведныя паведамленні атрымалі са Следчага камітэта сваякі зніклых — Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар і давераная асоба сям’і Захаранкі Алег Волчак, паведамляе Беларускі дакументацыйны цэнтр.

У паведамленнях гаворыцца, што „вядзенне папярэдняга следства па крымінальнай справе” прыпыненае „ў сувязі з неўстанаўленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачванай”.

„Такім чынам, дзяржава спыняе шукаць зніклых больш за 19 гадоў таму апанентаў улады, устанаўліваць вінаватых у гэтых знікненнях і выключае ўсе магчымасці іх пакарання. Менавіта таму застаецца прыпыненай з 2006 года справа Дзмітрыя Завадскага”, — пракаментавала рашэнне Следчага камітэта кіраўнік Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская.

7 мая 1999 года пры нявысветленых акалічнасцях у цэнтры Менска знік генерал Юрый Захаранка. Сышоўшы ў апазіцыю, у 1998 годзе ён узначаліў камітэт па бяспецы „ценявога” ўрада. Вясной 1999 года актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта. Увайшоў у каманду экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра, ездзіў па краіне, арганізоўваў групы па зборы подпісаў.

16 верасня гэтага ж года бясследна зніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах, і падазраюць у датычнасці да гэтага злачынства вышэйшых службовых асоб краіны.

У 2000 годзе ў Беларусі бясследна знік тэлеаператар Дзмітрый Завадскі. У 1994—1997 гадах ён працаваў у аператарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, затым перайшоў на Грамадскае расійскае тэлебачанне (цяпер Першы канал).

Раніцай 7 ліпеня Завадскі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт Мінск. З таго часу аператара ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.

Цяпер пад дзеяннем візавых і эканамічных санкцый застаюцца чацвёра грамадзян Беларусі, якіх ЕЗ лічыць датычнымі да знікненняў палітыкаў у 1999—2000 гадах: Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС).

belapan.by