Расстраляны чарговы асуджаны да смяротнай кары
На Валадарцы расстралялі жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда спраўдзіў інфармацыю у сваякоў Іванова. На жаль, яна цалкам пацвердзілася. На мінулым тыдні яны атрымалі паведамленне пра смерць сына, кажа праваабаронца:
– Гэтая інфармацыя пацверджаная і сваякамі расстралянага, ім патэлефанавалі з Гомельскага абласнога суда і папрасілі, каб яны прыйшлі і забралі пасведчанне аб смерці.
Сёння Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разглядае апеляцыйную скаргу іншага асуджанага да смяротнага пакарання – Сяргея Хмялеўскага.
Асуджаны ў час выступу ў судзе паведаміў, што ў “спецкалідоры” СІЗА №1 на Валадарцы знаходзіўся некаторы час у адной камеры з іншым смяротнікам – гаворка ідзе пра ўжо расстралянага Сяргея Іванова – працягвае праваабаронца:
– Падчас судовага паседжання ён таксама сказаў, што яму псіхалагічна складана знаходзіцца ў камеры, таму што ён сядзеў з Івановым, прыгавораным да смяротнага пакарання. Гэтага чалавека забралі ў ноч з 17 на 18 красавіка. І ён ужо не вярнуўся. Пасля гэтага яму сказалі сабраць рэчы Іванова, якія ён перадаў адміністрацыі. І ён кажа, што кожны дзень чакае, што за ім таксама прыйдуць і расстраляюць.
На гэты момант у Беларусі, паводле інфармацыі праваабаронцаў, ёсць тры асобы, асуджаныя да смяротнага пакарання. Акрамя названага Сяргея Хмялеўскага, гэта Іван Кулеш і Генадзь Якавіцкі.
Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе, дзе людзей караюць смерцю.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН і ПЦ „Вясна”