Расстраляны асуджаны да смяротнай кары Кірыл Казачок



Па інфармацыі, якую атрымаў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда ад маці асуджанага да смяротнага пакарання Кірыла Казачка, прысуд у дачыненні да яе сына здзейснены.

Па папярэдняй інфармацыі, Казачок быў расстраляны напрыканцы кастрычніка 2017 года.

Жыхар Мазыра Кірыл Казачок быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання напрыканцы 2016 года Гомельскім абласным судом.

Судовыя слуханні праходзілі ў закрытым рэжыме.

Забойства 9-гадовай Кіры і 17-гадовага Улада здарылася 31 студзеня 2016 года. Паводле падазрэння ў забойстве быў затрыманы іх бацька, які сам паведаміў у міліцыю пра злачынства.

Пасля забойства Кірыл Казачак прыехаў на здымную кватэру жонкі, дзе яна жыла са старэйшым сынам і сужыцелем, і расказаў ёй аб зробленым. Патэлефанаваў у міліцыю і скінуўся з балкона чацвёртага паверха, але застаўся жывы. Доўгі час абвінавачаны правёў у бальніцы — у яго былі пашкоджанні пазваночніка і ног. Канцэнтрацыя спірту ў крыві мужчыны ў той вечар склала 2,36 праміле.

Паводле звестак экспертызы, абвінавачаны ў момант злачынства мог у поўнай ступені ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Згодна з данымі следства, жыхар Мазыра здзейсніў злачынства з пачуцця помсты сваёй жонцы, выкліканага яе намерам скасаваць з ім паўторны шлюб (раней яны ўжо скасавалі шлюб, а затым паўторна яго заключылі) і жыць асобна. У кастрычніку 2015 года жанчына падала дакументы на скасаванне шлюбу, на момант здзяйснення злачынства пара знаходзілася ў працэсе скасавання шлюбу.

Казачок адмовіўся абскарджваць прысуд у Вярхоўным судзе.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty Intrnational выступіла ў абарону Кірыла Казачка і распаўсюдзіла тэрміновы зварот да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам спыніць смяротнае пакаранне ў Беларусі.

spring96.org

Фота БелаПАН