Расстрэльная яма пад танцпляцоўкай



Пасля 20-га з’езду партыі, які асудзіў сталінскія рэпрэсіі «расстрэльныя» лясы  ахоўвалі былыя супрацоўнікі “органаў” з расстрэльных камандаў, якія працавалі палясоўшчыкамі альбо вартаўнікамі. Іх мэтай было назіраць за расстрэльнымі ямамі, ахоўваць тэрыторыю ад цікаўных.

Так было ў Вільні ў Тускуленскім парку, пра што паведаміў Эўгеніюс Пейкшцяніс, дырэктар Музею генацыду жыхароў Літвы, так было і ў Воршы на Кабыляцкай гары, дзе палясоўшчыкам працаваў былы кат Сідарэнка, які падчас рэпрэсій сам расстрэльваў у гэтым лесе. У старасці ён распавядаў сябрам, дзе знаходзяцца расстрэльныя ямы.  

    Жалобныя вянкі над расстрэльнымі ямамі ў лесе на Кабыляцкай гары.

Дзень памяці Дзяды на Кабыляцкай гары, 2015  

Юрась Копцік на Кабыляцкай гары зачытвае спіс, рэпрасаваных жыхароў Воршы, Дзяды 2015 год.  

Гаворыць Юрась Копцік, даследчык з Воршы: “Калі давалі даведку «расстраляны ў Воршы» ці «расстраляны ў Аршанскай турме», гэта не значыць, што расстрэльвалі ў самой Воршы ці Аршанскай турме, дзе цяпер Езуіцкі калегіўм. У самой турме, калі і расстрэльвалі, то расстрэльвалі надзвычай рэдка. Расстрэльвалі за горадам, ноччу. Практыка такая была.  Ноччу вывозілася на машыне партыя асуджаных. Пра гэта распавядаў кат Сідарэнка, які быў звольнены ў чыне маёра МГБ у сярэдзіне 50-ых гадоў з органаў, калі падчас хрушчоўскай адлігі і чысткі ўсіх, звязаных са сталінскім тэрорам пазвальнялі з „органаў”. Былы кат ўладкаваўся лесніком. І як раз давялося даглядаць гэты лес, дзе працаваў да вайны выканальнікам прысудаў. Ён распавядаў: «Я на ноч браў два пісталеты, насыпаў у кішэні патроны і мы ўдваіх з шафёрам рабілі за ноч звычайна два, а калі і тры рэйсы”. Яны падганялі машыну ў турму «шасцёрку» ці да Саборнага храма, гэта былы Уваскрасенскі Сабор, які ў 30-ыя гады выкарыстоўваўся, як дадатковае турэмнае памяшканне. Там утрымліваліся асуджаныя да расстрэлу. Ноччу загружалі шэсць чалавек. Будка адмысловага «чорнага крумкача» была падзеленая на шэсць аддзяленняў. Па тры аддзяленні з кожнага боку, праход быў пасярэдзіне. Рукі звязвалі адразу. І вывозілі сюды. Кат ужо ведаў,  дзе тут падрыхтаваная днём яма. Яны пад’язджалі да ямы. Машыну ставілі так, каб фарамі асвячала самае гэтае месца расстрэлу і па адным выцягвалі людзей”. Першыя ішлі “лёгка”, бо не ведалі: куды і навошта іх прывезлі. Астатніх, якія ўжо чулі стрэлы і крыкі, яны валаклі ўдвух з шафёрам.  Калі трапляліся асабліва моцныя і ўпартыя, то ў іх пад машынай адмыслова была такая доўгая качарга падрыхтаваная, накшталт багра, чаплялі чалавека за вопратку і проста выцягвалі і дастрэльвалі тут на краю магілы. Увесь лес на Кабыляцкай гары ў такіх ямах. Кат Сідарэнка памёр сваёй смерцю, да самай пенсіі адпрацаваў лесніком. Расказваць пра расстрэлы не любіў, калі распавядаў, то  толькі пад чаркай і ў добрым падпіцці. Аднойчы ён нават правёў дзеда Шпакоўскага (цяпер ужо нябожчыка) па лесе і паказаў месцы, дзе расстрэльныя ямы, і нават там, дзе цяпер стаіць так званы турлагер, там была танцпляцоўка, а пад самай танцпляцоўкай – расстрэльная яма”.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя