Расце смяротнасць ад хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы



У Беларусі вырасла смяротнасць ад хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, паведаміў загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі прафесар Андрэй Прыстром на прэс-канферэнцыі ў Менску 4 кастрычніка.

Паводле яго слоў, 55% паміраюць ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў, і паказчык расце. Так, калі ў 2017 годзе ад гэтых паталогій памерла 66,1 тыс. чалавек, то ў 2018-м – ужо 67,5 тыс. Паказчык смяротнасці ад паталогій сардэчна-сасудзістай сістэмы за мінулы год склаў 711 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.

«За першае паўгоддзе гэтага года ў краіне памерла 81.546 чалавек, з іх ад захворванняў сістэмы кровазвароту – 47.120 чалавек. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года смяротнасць вырасла на 3,4%», – паведаміў кардыёлаг.

У Беларусі ў 2018 годзе было зарэгістравана 2,7 млн пацыентаў з паталогіямі сістэмы кровазвароту. Паказчык захворвання склаў 35,6 тыс. выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.

Кардыёлагі звяртаюць увагу на тое, што асноўны ўплыў на захворванне і смяротнасць робяць фактары рызыкі, якія можна скараціць: курэнне, маларухомы спосаб жыцця і залішняя маса цела.

Прыстром адзначыў, што ўсеагульная камп’ютарызацыя прывяла да зніжэння рухальнай актыўнасці. «Большасць праблем закладваецца ў дзіцячым і падлеткавым узросце. А тут мы прыйшлі да таго, што толькі 5% дзяўчынак і прыблізна 10% хлопчыкаў падлеткавага ўзросту атрымліваюць рэкамендаваную фізічную нагрузку, – падкрэсліў ён. – Маларухомы спосаб жыцця – адзін з фактараў павышэння артэрыяльнага ціску. Напрыклад, вельмі шматлікія з тых, хто доўгі час працуюць за кампʼютарам, тыя ж праграмісты, становяцца гіпертонікамі».

Яшчэ адзін фактар рызыкі – рацыён харчавання. «За кошт тлушчаў мы павінны атрымліваць не менш за 20%, але і не больш за 30% калорый, – сказаў кардыёлаг. – Тое ж датычыцца вугляводаў. Атрыманне больш за 60% калорый за кошт вугляводаў вядзе да росту смяротнасці. Таму ў харчаванні важна вытрымліваць дакладны баланс тлушчаў, вугляводаў і бялкоў».

Прафесар таксама звярнуў увагу, што ў абвастрэнні сардэчна-сасудзістых захворванняў выразна прасочваецца сезоннасць. Вострыя прыступы ішэмічнай хваробы сэрца і інфаркты міякарда зімой здараюцца часцей, чым летам. Гэта тлумачыцца тым, што летам артэрыяльны ціск ніжэй, чым зімой.

Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца РНПЦ «Кардыялогія» Святлана Салавей дапоўніла, што сезонныя вірусныя інфекцыі зʼяўляюцца фактарам, які пагаршае развіццё ішэмічных ускладненняў. «Падчас развіцця віруснага захворвання павялічваецца тэмпература цела і частата сардэчных скарачэнняў – гэта дадатковы цяжар на сэрца. А калі ў чалавека яно ўжо хворае, то гэта фактар ускладнення», – сказала яна.

Паводле слоў Салавей, апошнія даследаванні паказалі, што на частату ўскладненняў у пацыентаў з сардэчна-сасудзістымі паталогіямі ўплывае вакцынацыя супраць грыпу. «Яна зніжае ўзнікненне інфарктаў і інсультаў у тры-чатыры разы», – паведаміла медык.

БелаПАН