Расцяжка “Мёртвая Дзітва” з’явілася на мосце праз гэтую раку



На мосце праз раку Дзітва, што на Лідчыне, з’явілася расцяжка – “Мёртвая Дзітва”.

Яна чарговы раз нагадвае тым, хто перасякае па мосце раку па шашы Слонім – Ліда, пра тое, што адбываецца забруджванне гэтага правага прытоку Нёмана. Па словах мясцовых жыхароў, у Дзітву скідваюцца нечыстоты з палей фільтрацыі горада Ліда, што вельмі негатыўна адбіваецца на экалаічным стане рэк, якія працякаюць па Лідчыне – Нёман і Дзітва. А расцяжка на мосте нагадвае пра экалагічную катастрофу, якая тут адбываецца.

– Такім чынам хацелі прыцягнуць увагу і тых кіроўцаў аўтамабіляў, якія праязджаюць праз гэтае месца. Гэта праблема Дзітвы. Ад таго месца, дзе скідваюцца нечыстоты, да Нёмана – гэта ўжо мёртвая рака.

Пік зліву нечыстотаў у раку Дзітва адбыўся на пачатку чэрвеня, калі мясцовыя жыхары заўважылі, што вада ў рацэ раптам стала брудна-шэрага колеру, з непрыемным пахам каналізацыі. Усё, што ў рацэ было жывое – патруцілася. Па словах сведкаў, загінулі тоны рыбы. У сваю чаргу, Лідскае ЖКГ і іншыя адказныя службы да апошняга адмаўлялі сваю датычнасць да экалагічнай катастрофы на рацэ Дзітва і спасылаліся на гарачае надвор’е. Але пад ціскам грамадскасці і прадастаўленых фактаў, былі змушаныя прызнаць сваю непасрэдную ролю ў атручванні ракі.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя