Ратавальнікі заклікаюць грамадзян быць асцярожнымі ля будынкаў



Ратавальнікі заклікаюць грамадзян па магчымасці трымацца ад будынкаў не бліжэй чым 2 метры і не пакідаць побач аўтамабілі. З-за рэзкага пацяплення на дахах і казырках з’явіліся ледзяшы. Пра іх наяўнасць неадкладна просяць паведамляць камунальнікам.

Пры гэтым камунальныя службы нясуць адказнасць толькі за тыя будынкі, якія ў іх на ўліку. Гандлёва-забаўляльныя і офісныя аб’екты – на сумленні ўладальнікаў, – патлумачыў майстар камунальнай службы Ігар Маслаў:

– Уладальнікі будынкаў, у якіх размяшчаюцца юрыдычныя асобы, таксама ў сваю чаргу нясуць адказнасць за пастаянны маніторынг і своечасовую прыборку снегу і лёду на даху. Калі несвоечасова будзе гэтая прыборка, то ўладальнікі будынкаў могуць быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Ігар Маслаў дадае, што калі няма магчымасці прыбраць наледзь з дахаў, то камунальнікі або адказныя асобы павінны агарадзіць тэрыторыю вакол небяспечнага месца. Чакаецца, што такое пераменлівае надвор’е захаваецца па 25 студзеня.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: intex-press.by