Разам назавем вуліцу ў гонар Тадэвуша Касцюшкі!



Разам назавем вуліцу ў гонар Тадэвуша Касцюшкі! Такую грамадскую кампані распачало Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Арганізатары кампаніі патрабуюць, каб адна з вуліц Менску была названая ў гонар Касцюшкі, а таксама ў Менску, Берасці і Косаве з’явіліся помнікі знакамітаму земляку.

kostiushko_musej_12

Сёлета якраз адзначаецца юбілей – 270 гадоў з дня народзінаў нацыянальнага героя не толькі Беларусі, але таксама Польшчы і ЗША. Кажа намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім:

Асоба Тадэвуша Касцюшкі выходзіць за межы адной краіны. Гэта асоба, якая выявіла сябе вельмі велічнай і важнай на міжнародным узроўні. І таму для нас важна, каб гэтая постаць была ўвасоблена ў сталіцы Беларусі ў назве вуліцы. Гэта надасць большую вагу ўсёй нашай краіне, усім будзе зразумела, што менавіта адсюль, з Беларусі, паходзіць Тадэвуш Касцюшка. 

Пры падтрымцы рэсурсу Zvarot.by падрыхтаваныя тэксты электронных зваротаў у Міністэрства культуры і Менскі гарвыканкам. У прыватнасці, у выканаўчы камітэт  будзе накіраваны калектыўны зварот з прапановай назваць адну з вуліц Менску ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. Вуліцы з яго імем ёсць у Польшчы, Украіне, ЗША, Расеі, а таксама ў шэрагу гарадоў Беларусі: Берасці, Гародні, Баранавічах, Пінску, Нясвіжы ды іншых. Міністэрства культуры атрымае калектыўны зварот з прапановай абвясціць конкурс на выраб помнікаў Т. Касцюшку ў Менску, Берасці і на яго малой радзіме ў Косаве.

Каб падтрымаць кампанію, можна зайсці на сайт Zvarot.by і падпісаць зварот на беларускай мове zvarot.by/be/nashkascyushka. Гэтыя звароты будуць накіраваныя ў Міністэрства культуры і ў Менскі гарвыканкам 4 лютага 2016 г. у дзень народзінаў Тадэвуша Касцюшкі.

Тадэвуш Касцюшка ‑ палітычны і вайсковы дзяяч, кіраўнік вызваленчага паўстання 1794 года, нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.