Акцыя памяці на месцы былога канцлагеру ў Бярозе
Рух салідарнасці «Разам» пад кіраўніцтвам Вячаслава Сіўчыка 17 верасня праводзіць грамадскую акцыю памяці ахвяр кацэнтрацыйнага лагеру ў Бярозе Берасцейскай вобласці. Па словах Сіўчыка, акцыя прымеркаваная да гадавіны савецкага нападу на Польшчу 18 верасня 39-га году.
– За часамі міжваеннай Польшчы там быў канцлагер. Там катавалі людзей, некаторых забілі. І мы заўсёды ў адпаведныя даты, калі савецкая армія акупавала Беларусь, абавязкова туды прыязджаем, каб ушанаваць памяць тых людзей, якія былі прадстаўнікамі розных нацыянальна-вызвольных рухаў. У першую чаргу – беларускага і ўкраінскага.
Па словах Сіўчыка, у мінулым стагоддзі беларусы знаходзіліся пад уладай трох рэжымаў: санацыйнай Польшчы, саветаў і нацысцкай Нямеччыны. Усе гэтыя рэжымы праводзілі палітыку этнацыду мясцовага насельніцтва, у тым ліку яшчэ і царская Расея. Што тычыцца палітыкі міжваеннай Польшчы, дык яна была абсалютна неталерантнай і праводзіла адкрытую палітыку этнацыду беларусаў, – заявіў Вячаслаў Сіўчык.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
