Разбойны напад на дом прадпрымальніка ў Пінску (абноўлена)



У Пінску ўвечары 4 студзеня чацвёра невядомых у масках здзейснілі напад на дом мясцовага прадпрымальніка. Знаёмыя пінскага бізнесоўцы ў гутарцы з TUT.BY выказалі здагадку, што тыя, хто нападаў, працавалі па наводцы. Мужчына пачынаў свой бізнес з гандлю ў кіёску, паступова яго справа расла. Апошнія гады ён займаўся здачай у арэнду плошчаў.

Дэталі нападу пакуль не раскрываюцца. Па інфармацыі з непацверджаных крыніц, трое з тых, хто нападаў – расейцы, чацвёрты – ураджэнец гарадскога пасёлка Лагішын. Да дому сваёй ахвяры яны пад’ехалі на іншамарцы з расейскімі нумарамі 190-га рэгіёну – Маскоўская вобласць. Гэта быў аўтамабіль белага колеру з малюнкам галавы ваўка на капоце.

* * * 

У Пінску ўвечары 4 студзеня чацвёра невядомых у масках, узламаўшы дзверы, праніклі ў дом індывідуальнага прадпрымальніка, звязалі скотчам яго жонку і малалетнюю дачку і пад пагрозай агнястрэльнай зброі завалодалі адзінаццаццю з паловай тысячамі долараў, паведамляе МУС Беларусі.

У 21.20 гаспадар дома здолеў скарыстацца ахоўнай сігналізацыяй, націснуўшы „трывожную кнопку”. У 21.24 на месца здарэння прыбыў нарад аддзела дэпартамента аховы МУС, супрацоўнікам якога нападнікі аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі завалодаць табельнай зброяй.

Для спынення супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікі міліцыі ўжылі агнястрэльную зброю, абясшкодзіўшы двух злачынцаў.

У выніку слушных прафесійных дзеянняў супрацоўнікаў дэпартамента аховы нападнікі — двое мужчын 1985 і 1989 гадоў нараджэння — былі затрыманыя і неадкладна шпіталізаваны ў лячэбную ўстанову, дзе цяпер знаходзяцца пад узмоцненым канвоем.

Гаспадар дома і члены яго сям’і не пацярпелі.

Таксама ў кароткія тэрміны ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі міліцыі было ўстаноўлена месцазнаходжанне яшчэ двух падазраваных у здзяйсненні нападу. Зараз яны затрыманыя.

Па факце разбойнага нападу распачатая справа па ч. 2 арт. 207 Крымінальнага кодэкса.

Фота sk.gov.b