Разбуральны землятрус у Непале: ужо больш за 100 загінулых



Здымак: Sabin Dhamala via AP

Больш за ўсё пацярпелых — у цяжкадаступных раёнах Джаджаркот і Рукум, прыкладна за 500 кіламетраў на захад ад сталіцы краіны Катманду. Ратавальнікам дапамагаюць вайскоўцы і службы бяспекі, піша Бі-бі-сі. Магутныя падземныя штуршкі адчуваліся і ў сталіцы Непала, а таксама ў гарадах суседняй Індыі, у тым ліку ў Дэлі.

На працягу гадзіны пасля асноўнага землятрусу адбыліся яшчэ тры паўторныя, многія людзі правялі рэшту ночы на адкрытым паветры. Фасады шматпавярховых цагляных дамоў абрынуліся. Людзі раскопваюць завалы, спрабуючы знайсці тых, хто выжыў пад абломкамі.

Непал размешчаны ў Гімалаях, у зоне высокай сейсмічнай актыўнасці. У 2015 годзе ў краіне адбыліся два разбуральныя землятрусы, у выніку якіх 9 тысяч чалавек загінулі і больш за 22 тысячы былі параненыя.

Беларускае Радыё Рацыя