Разгляд справы супраць Яўгена Скрабца адтэрмінаваны



Разгляд адміністрацыйнай справы супраць карэспандэнта нашага радыё за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі адтэрмінаваны. Пратакол справы адпраўлены на дапрацоўку.

4 лютага ў судзе Маскоўскага раёна ў Берасці меўся адбыцца разгляд адміністрацыйнай справы супраць Яўгена Скрабца.

– У пратаколе было напісана: “З’яўленне на сайце Беларускага Радыё Рацыя інфармацыі з адной з выстаў, якая праходзіла ў Тэхнічным універсітэце пры падтрымцы Консульства Польшчы”. Міліцыянт, які склаў пратакол, пазначыў у ім, што я не збіраў інфармацыю і неяк яе апрацоўваў, а факт парушэння ён убачыў у тым, што інфа з’явілася на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Суддзя Раіса Лабачэўская, якая разглядала гэту справу, адразу паведаміла, што пратакол трэба адпраўляць на дапрацоўку, бо ён складзены няправільна. Ужо такі пратакол вярталі, калі пісалі пра тое, што на сайце нейкага СМІ з’явілася інфармацыя, хоць доступу да гэтага сайта я не маю.

Калі адбудзецца чарговае пасяджэнне суда па гэтай справе – пакуль не вядома. Гэта першая справа за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі  супраць Яўгена Скрабца ў гэтым годзе. У 2018-ым яго тры разы пакаралі па гэтым артыкуле агулам на 65 базавых велічынь.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя