Разглядаецца магчымасць дыферэнцыраваных тарыфаў на ЖКП
У Беларусі прапрацоўваюцца новыя дыферэнцыраваныя тарыфы на ЖКП. Аб гэтым інфармуе газета „Звязда”.
Новыя дыферэнцыраваныя тарыфы абмяркоўваюцца з улікам запуску Беларускай АЭС. Мяркуецца, што кошт электраэнергіі ў залежнасці ад часу сутак можа адрознівацца ў 3 разы. Як піша „Звязда”, плануецца таксама размежаваць для насельніцтва цэны адносна часу пікавых нагрузак і пры налічэнні аплаты за падаграванне вады і ацяпленне і пашырыць групы спажыўцоў, якія могуць расплачвацца па субсідзіруемым тарыфе.
„З улікам таго, што па большасці ЖКП мы выходзім на 100-працэнтны ўзровень кампенсацыі, індэксацыя на намінальную зарплату, якая праводзіцца сёння, да іх па заканадаўстве прымяняцца не можа. Хоць з часам мы можам сутыкнуцца з тым, што затраты на аказанне гэтых паслуг вырастуць і дасягнуты ўзровень 100-працэнтнай кампенсацыі выконвацца не будзе”, – адзначыў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец.
Сумесна з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі МАРГ распрацоўвае падыходы па магчымай індэксацыі тарыфаў у залежнасці ад затрат, якія ўваходзяць у пэўную паслугу.
Каб стымуляваць выкарыстанне электраэнергіі, прапрацаваны і дыферэнцыраваныя ў залежнасці ад пікавых і звычайных гадзін тарыфы для электракацельняў, запланаваных да ўводу. Узгодненыя значэнні будуць прымяняцца на эксперыментальных электракацельнях. Каб дыферэнцыраванымі тарыфамі маглі карыстацца жыхары, трэба ўстанавіць у дамах адпаведныя лічыльнікі.