Развітанне з Алесем Зайкам
Беларусь страціла свайго сапраўднага сына, які аддаў сваё жыццё на служэнне беларушчыне. У вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна развіталіся з былым настаўнікам, краязнаўцам, пісьменнікам Алесем Зайкам.
Правесці яго ў апошні шлях прыйшло шмат народу. Гэта ягоныя вучні, сябры і паплечнікі, прыехалі пісьменнікі з Берасцейскай вобласці, быў Алесь Разанаў. Шмат добрых, цёплых слоў было заслужана сказана пра спадара Алеся. Успамінае яго былая калега Лідзія Шчурко:
– Цудоўны чалавек энцыклапедычных ведаў, добрае сэрца. Не сустракала ў сваім жыцці такога чалавека, які б так цаніў беларускае слова. Ён пісаў кніжкі, працаваў вельмі шмат апошнім часам. Казаў, каб хоць бы паспець.
Мікалай, сябар Алеся Зайкі:
– Гэта ён на сваім матацыкле аб’ездзіў усе вёскі раёна, ды не толькі раёна. Ён сядзеў у архівах – і слонімскіх, і гарадзенскіх.
Валеры Гапееў, пісьменнік:
– Я яго сустрэў, выйшлі, стаім. І ён кажа: «Хапаюць грошы, хабары бяруць, будуюць сабе гмахі. А я багацейшы за іх. Гэта ў іх сёння ёсць – заўтра нічога гэтага не будзе. А ў мяне ёсць: гэта мая зямля, любоў да яе.
Валер Гапееў не сумняецца, што будзе ў нас і вуліца імя Алеся Зайкі.
[Not a valid template]
На развітанні з ім беларускія пісьменнікі казалі, што Алесь Зайка быў сапраўдным навукова-даследчым інстытутам у адной асобе.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя