Развітанне з Уладзіславам Ахроменкам у Беластоку
15 лістапада прайшло развітанне з нашым калегам Уладзіславам Ахроменкам. Свае спачуванні сябры, знаёмыя і супрацоўнікі Радыё Рацыя выказалі прысутным жонцы Вользе Ахроменцы, дачцы Лізе і сыну Канстанціну.
Слава быў выдатным рэпарцёрам, карэспандэнтам, а перш за ўсё аўтарам незаменных перадач „На ўліку КДБ”, раскрываў архівы, шукаў праўду, высвятляў „белыя плямы” нашай гісторыі. І гэта рабіў дасканала. Раскрываў праўду пра жудасны час савецкага рэжыму. Перш наперш роднай Беларусі, яго роднай Гомельшчыны, але і Падляшша і цяперашняга польска-беларускага памежжа. У гэтай працы была падтрымкай яму жонка Вольга. Цяпер нават цяжка ўявіць нашую працу без яго. Кажуць, што няма людзей незаменных. Але Слава быў незаменны.
Быў ён для нас недасяжным майстрам і сапраўдным прыяцелем.
Вечная памяць.
Беларускае Радыё Рацыя