Re1ikt і Аракелян запісалі песню на верш Купалы



Уладальнікі тытулу «Героі году-2013» у дуэце з найлепшым саксафаністам Беларусі паклалі на музыку верш Купалы, які сучаснікі паэта назвалі цудам.

Гэтыя радкі кранулі праз стагоддзе новае пакаленне музыкаў – гурт Re1ikt у дуэце з Паўлам Аракелянам запісалі песню «Толькі снег» для праекту «Новае пакаленне на Новы год».

«Гэта наш першы твор на словы класіка, – распавядае лідар і бубнач Re1ikt Алесь Дземідзенка. – Таму было нязвыкла і цікава. Музыка напісалася вельмі лёгка. І вельмі радыя, што атрымалася супраца з Паўлам Аракелянам, нам заўжды карцела зрабіць хоць бы адзін твор з саксафонам, таму ў гэтай песні ёсць лёгкі джазавы прысмак».

Праца сапраўды прайшла надзвычай лёгка і музыкам было камфортна разам, хоць дагэтуль яны і не былі знаёмыя. Дзякуючы такому душэўнаму ўздыму, кампазіцыя фактычна была даведзеная да ладу за тры гадзіны.

«Музыкі з Re1ikt усё зрабілі самі. Дарэчы, яны – выдатныя дзядзькі, – кажа Павал Аракелян. – Пасля першай і адзінай рэпетыцыі мы цалкам паразумеліся і клёва правялі час. Падчас запісу кампазыцыі мне трэба было толькі сыграць сваю частку, заспяваць разам з вакалістам Вовам Казловым і злёгку паімправізаваць. Усё атрымалася як мае быць!».

Belsat