Рэдактар Дзятлаўскай райгазеты – супраць фальсіфікацый выбараў



На сайце дзятлаўскай раённай газеты «Перамога» не стаяць прозвішчы рэдактара і намесніка рэдактара газеты.

Рэдактар газеты Андрэй Сатараў звольніўся з рэдакцыі. Адной з галоўных прычын звальнення стала тое, што ён адмовіўся ўдзельнічаць у рабоце Дзятлаўскай раённай выбарчай камісіі. Андрэй Сатараў так і сказаў, што ён не можа ашукваць выбарцаў і фальсіфікаваць выбары. Намеснік галоўнага рэдактара Іна Яўсейчык таксама не пажадала працягваць свой кантракт з рэдакцыяй і звольнілася. Галоўны бухгалтар рэдакцыі Наталля Лянцэвіч прымала ўдзел у пікеце салідарнасці супраць фальсіфікацыі выбараў. Яна таксама трапіла ў няміласць мясцовых вертыкальшчыкаў. Але жанчына сказала ў райвыканкаме, што можа звольніцца ў любы час, нават не будзе забіраць з рэдакцыі сваю працоўную кніжку.

Дарэчы, афіцыйных вынікаў выбараў з Дзятлаўскай раённай выбарчай камісіі яшчэ ніхто не прадаставіў для друкавання ў райгазеце «Перамога». Па Дзятлаве ходзяць чуткі, што там так сфальсіфікавалі выбары, што Лукашэнку «налічылі» аж 90 працэнтаў. Хаця ў Дзятлаве большасць выбарцаў галасавалі за Святлану Ціханоўскую.

Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава