Рэдактар „Ежедневника” Сяргей Сацук вызвалены з-пад варты
Рэдактар інтэрнэт-рэсурсу „Ежедневник” Сяргей Сацук у суботу 4 красавіка нечакана быў вызвалены з-пад варты.
Ён быў затрыманы 25 сакавіка па крымінальнай справе пра атрыманне хабару. Чакалася, што 4 красавіка яму будзе прад’яўлена абвінавачванне. Аднак, па словах намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага, гэтага не адбылося
– Абвінавачанні Сяргею Сацуку не прад’яўленыя, ён застаецца падазраваным па крымінальнай справе. У суботу ў яго адбылася сустрэча са следчымі, яму патлумачылі, што ў мэтах таго, каб следства магло працаваць без ціску, прынята рашэнне яго вызваліць. Як пазней даведаўся Сяргей, Генеральны пракурор Беларусі адмяніў рашэнне пра ўтрыманне яго пад вартай. Такім чынам Сяргей быў вызвалены, ён даў абавязальніцтва пра тое, што ён будзе хадзіць на ўсе следчыя дзеянні, але гэта нават не падпіска пра нявыезд, таму ён на волі ў сваім доме, пад Менскам, з сям’ёй.
Па словах Барыса Гарэцкага, у справе Сяргея Сацука грамадская супольнасць Беларусі, журналісты і праваабаронцы прадэманстравалі салідарнасць і моц. Сваю занепакоенасць і пратэст у сувязі з затрыманнем беларускага журналіста выказалі і міжнародныя структуры, у тым ліку Еўрапарламент.
„Таму калі мы ўсе разам абараняем невінаватага чалавека і патрабуем яго вызвалення, то гэта можа адбыцца… І мы спадзяемся, што да прад’яўлення абвінавачання Сяргею Сацуку справа ўжо не дойдзе”, – кажа Барыс Гарэцкі.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск