Рэдактар „Нашай Нівы” Андрэй Скурко затрыманы на 72 гадзіны
Рэдактар „Нашай Нівы” Андрэй Скурко затрыманы на 72 гадзіны і будзе дастаўлены ў ІЧУ на Акрэсціна, паведамляе тэлеграм-канал выдання.
Раней стала вядома аб затрыманні на 72 гадзіны галоўнага рэдактара „Нашай Нівы” Ягора Марціновіча. Ён праходзіць падазраваным па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя альбо падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх).
Раніцай 8 ліпеня сайт „Нашай Нівы” перастаў адкрывацца. Міністэрства інфармацыі паведаміла, што прыняло рашэнне аб блакаванні сайта nn.by „на падставе паведамлення Генпракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае пунктам 1 артыкула 38 закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі”.
У рэдакцыі выдання, офісе бухгалтэрыі і дома ў супрацоўнікаў прайшлі вобшукі.
„Як стала вядома, ператрус і допыты супрацоўнікаў „Нашай Нівы” праводзяцца па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх), арт. 293 КК (масавыя беспарадкі), — паведаміў тэлеграм-канал „Нашай Нівы”. — Ператрусы адбыліся ў рэдакцыі выдання, офісе бухгалтэрыі, а таксама дома ў рэдактараў Ягора Марціновіча, Андрэя Скурко і Андрэя Дынько, у бухгалтара Вольгі Раковіч”.
Вобшукі праводзілі супрацоўнікі розных упраўленняў органаў унутраных спраў, допыты праходзяць у Следчым камітэце.