Журналіст Мікалай Градзюшка аштрафаваны на 30 базавых велічынь



Рэдактар выпуску партала onliner.by Мікалай Градзюшка аштрафаваны на 30 базавых велічынь. Такое рашэнне вынес 16 снежня суд Маскоўскага раёна Менска, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Градзюшка быў затрыманы ў нядзелю, 13 снежня, недалёка ад дома, яго адвезлі ў Маскоўскае РУУС Менска, а затым у ЦІП на Акрэсціна. Судзілі журналіста па скайпе.

На судовае пасяджэнне, якое пачалося яшчэ 15 снежня, прыйшлі яго жонка з маленькімі дзецьмі і брат. Адвакатам выступіў Сяргей Зікрацкі.

Паводле версіі міліцыі, Градзюшка нібыта прыняў удзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці па вуліцы Чачота. Рэдактар оnliner.by віну не прызнаў і растлумачыў, што хадзіў у краму.

Тым не менш суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 23.34 КоАП і прызначыў яму штраф 30 базавых велічынь (810 рублёў).

belapan.by