Рэдактар „Пінскага кур’ера”: Неяк пачуў у аўтобусе размову пра „калідор” ва Украіну
Раённы друк – гэта і ідэалагічны інструмент абслугоўвання ўлады, і інстанцыя, куды чалавек можа звярнуцца па дапамогу, і надзейны сродак рэкламы, а ў некаторых мясцовасцях – яшчэ і ці не адзіная крыніца інфармацыі.
Што ўяўляе сённяшняя рэкламная газета на Палессі? Чаму пінчукі адчуваюць сябе сталічнымі жыхарамі? Як ставяцца мясцовыя ўлады да беларусізацыі раённых медыя?
РР: Існуе думка, што ў ХХІ стагоддзі папяровыя газеты адмяраюць. Патрэбну інфармацыю людзі могуць атрымліваць з таго ж Сеціва…
Максім Клімковіч: Як галоўны рэдактар менавіта папяровага выдання магу супакоіць: папяровыя выданні не адміраюць. Асабліва гэта тычыцца рэкламных газет. Людзям у першую чаргу цікавыя мясцовыя навіны. Глабальныя навіны яны атрымліваюць з тэлебачання ці з таго ж Сеціва. А вось інфармацыі кшталту “адрэстаўравалі вадзяны млын”, ці “са шляхецкага засценка зрабілі аграсядзібу”, – людзі дазнаюцца з раённага друку.
РР: Вы вядзеце беларускамоўную калонку ў “Палескім кур’еры”. Ніякіх пытанняў не ўзнікала?
Максім Клімковіч: Ішоў 2010 год. Акурат былі абвешчаныя прэзідэнцкія выбары, і таму ўлады асцярожна ставіліся да з’яўлення новых выданняў. Ім мроілася – маўляў, вы задэкларавалі “бізнэс і прадпрымальніцтва”, як газетны накірунак, а насамрэч зробіце нешта апазіцыйнае і страшнае. Жанчына, якая загадвала ў райвыканкаме ідэалогіяй, адразу схацела са мною сустрэцца. Іду я да яе і думаю: ат, будуць наракаць, што вяду аўтарскую калонку беларускай… тым больш, што ўсе астатнія газеты ў Пінску выходзяць толькі расейскай мовай. Прыходжу да яе ў кабінет, а яна і кажа: маўляў, як добра, што вы робіце гэтую калонку менавіта па-беларуску! Бо ў нас у Пінску з беларускай мовай праблемы, а ў нашае дзяржаве “никаких проблем быть не должно!” На гэтым і паразумеліся… Праўда, потым наракала: такія словы ў беларускай мове можа ўжываць толькі агалцелы нацыяналіст! Ніякіх праблем мы не маем, газета выходзіць. І людзі, гледзячы на калонку па-беларуску, ужо пачынаюць даваць аб’явы роднай мовай. Вярстальшчык, калі ёсць вольнае месца, змяшчае класічныя вершы з беларускай паэзіі. Так сярод прыватнай рэкламы “прадам металёвыя бочкі” ці “ўжываны аўтамабіль” з’яўляюцца вершы Багдановіча, Купалы, Коласа…
РР: А як ў Пінску ўяўляюць Менск?
Максім Клімковіч: Ёсць такая прымаўка: “У Менску дождж, а ў Пінску слізка!” Пінчукі ўяўляюць сябе жыхарамі сталіцы, а Пінск – сталіцай Палесся. Хаця Палесся, як асобнай адміністрацыйнай адзінкі не існуе. Можа, у чынавенства і ёсць комплекс – маўляў, жывучы ў Пінску, ты ніколі не зможаш стаць міністрам, але ж у астатніх такога няма. Між іншым, пінчукі не надта любяць, калі менавіта ў тэксце іх называюць палешукамі. У прыватнай размове – так, калі ласка. Але пісьмова яны саманазываюцца беларусамі.
РР: Побач з Пінскам – украінская мяжа…
Максім Клімковіч: Неяк выпадкова падслухаў у аўтобусе размову дзвюх цётак – ім трэба было пераправіць ва Украіну партыю цыгарэт. Дык вось, адна цётка раіла другой нейкую вёску на самой мяжы, насельнікі каторай пераносяць які заўгодна груз праз памежныя балоты…
РР: То бок кантрабандна?
Максім Клімковіч: Вядома ж, так! Але цёткі гэтае слова ўголас не называлі. Што гэта за вёска, гаварыць, з вядомых прычынаў, не буду… Не ведаю, праўда гэта, ці няпраўда… Але ж то была такая бізнэсовая размова дзвюх бізнэс-вумэн.
РР: Якой ты бачыш будучыню рэгіянальнага друку?
Максім Клімковіч: Ён будзе існаваць. Газета добрая яшчэ і тым, што яна заўсёды пад рукой. Напрыклад – зраніцы, на кухні, дзе чалавек перад працай п’е каву. І чытае газету міжволі… Як пісаў той жа Багдановіч – “і прачытаў усё, да імені выдаўцы”. І не так яно ўжо і важна – ці прачытаў ён маю аўтарскую калонку, ці паглядзеў зрэз жыцця, чым жыве горад…
“Палескі кур’ер” – рэкламнае выданне, якое выдаецца дзесяцітысячным накладам і бескаштоўна распаўсюджваецца ў Пінску і Пінскім раёне.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя