Рэдактара „Борисовских новостей” аштрафавалі



Галоўнага рэдактара недзяржаўнай рэгіянальнай газеты „Борисовские новости” Анатоля Букаса суд аштрафаваў за распаўсюджванне інфармацыі аб правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства.

Справа аб правапарушэнні на падставе ч. 1 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) у дачыненні да Букаса была разгледжана 1 снежня судом Барысаўскага раёна, паведамляе грамадскае аб’яднанне „Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Падставай для справы, якую распачало Барысаўскае РУУС, стала размяшчэнне рэдакцыяй газеты 4 кастрычніка ў артыкуле „Раззлаваныя людзі выйдуць на плошчу” інфармацыі наступнага зместу: „Відэаролік заканчваецца заклікам паўдзельнічаць у чарговым Маршы раззлаваных беларусаў 2.0, які плануюць правесці лідары Беларускага нацыянальнага кангрэса 21 кастрычніка а 14-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску„.

20 лістапада Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовае папярэджанне рэдакцыі „Борисовских новостей” за парушэнне арт. 38 закона „Аб сродках масавай інфармацыі” (інфармацыя, распаўсюджванне якой у СМІ забаронена).

28 лістапада галоўны рэдактар газеты Анатоль Букас быў выкліканы ў РУУС Барысаўскага раёна для правядзення працэсуальных дзеянняў па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, звязаным з вынесеным Мінінфармам пісьмовым папярэджаннем. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні быў складзены супрацоўнікам міліцыі 29 лістапада і прадстаўлены для азнаямлення Букасу на наступны дзень.

У судзе Анатоль Букас сваёй віны не прызнаў, указаўшы, што не з’яўляецца суб’ектам правапарушэння ў адпаведнасці з нормай, прадугледжанай ч. 1 арт. 23.34 КоАП Рэспублікі Беларусь (яе санкцыя прадугледжаная для ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў).

Тым не менш суд палічыў віну рэдактара ва ўчыненні правапарушэння даказанай і прыгаварыў яго да штрафу ў 15 базавых велічынь.

Анатоль Букас мае намер абскардзіць гэта рашэнне ў абласным судзе. БелаПАН