Рэдактара незалежнага сайту з Воршы аштрафавалі на 25 базавых



У Воршы працягваецца ціск на грамадскіх актывістаў і журналістаў.

Рэдактар незалежнага сайту orsha.eu Ігар Казмярчак 5-га красавіка быў выкліканы ў міліцыю на размову. Аднак размовы не адбылося, а журналіста і грамадскага актывіста адразу даставілі ў суд, дзе пакаралі штрафам у 25 базавых велічыняў.

Як адбываўся судовы працэс на чале з суддзёй Юлія Хаткевіч, “Беларускаму Радыё Рацыя” распавёў сам Ігар Казмярчак:

– На 16 гадзін я сёння быў выкліканы ў міліцыю. Прыйшоў туды, мяне адразу пасадзілі ў машыну і прывезлі на суд. Суд у графіку ўжо стаяў на 16.10. Ён даволі хутка адбыўся, хвілін за 15. Мне прысудзілі 25 базавых за ўдзел у мітынгу 12 сакавіка.

12-га сакавіка ў Воршы адбыўся “Марш недармаедаў”, на які прыйшлі звыш 1000 чалавек. Акцыя скончылася судамі і затрыманнямі. Шэраг людзей атрымалі суткі зняволення, яшчэ некаторыя справы скончыліся буйнымі штрафамі.

Цікава, што пры гэтым Аршанскі райвыканкам выказаў гатовасць сустрэцца з прадстаўнікамі мясцовай апазіцыі. Першая такая сустрэча адбылася 3-га красавіка. Сур’ёзных вынікаў перамовы пакуль не прынеслі.

Чарговы ж суд над дэмакратычным актывістам і журналістам Ігарам Казмерчаком не спрыяе ўзаемапаразуменню бакоў.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша