Рэдактарка светлагорскага «Ранка» на волі



Учора ў другой палове дня з РАУС у Светлагорску выйшла рэдактарка мясцовай прыватнай інфармацыйнай кампаніі «Ранак» Юлія Даўлетава. Знаходзілася яна там з раніцы 3-га жніўня, калі яе забралі з дадому, паведамляе „Гомельская вясна”.

Наколькі вядома, гэтым разам справа тычыцца нібыта абразы ў інтэрнеце аднаго з міліцыянтаў. У «Ранка» існаваў сайт і вяліся старонкі ў сацсетках, якія 4 ліпеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

У РАУС з Юліяй запісалі «пакаяльнае відэа».

Пераслед работнікаў «Ранка» пачаўся ў чэрвені пасля таго, як гэта кампанія першай паведаміла пра выбух і гібель людзей на сумнавядомым заводзе беленай цэлюлозы ў Светлагорску, пабудаваным па указе Лукашэнкі. Тады адбыліся затрыманні некалькіх «ранкаўцаў», на іх былі накладзены арышты і штрафы за падпіску ў інтэрнеце на «экстрэмісцкую» старонку «Светлік. Светлагорск» у сацсетцы «Аднакласнікі».