Рэдактару „Віртуальнага Берасця” прысудзілі паўтара года „хатняй хіміі”



У Маскоўскім судзе Берасця завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да галоўнага рэдактара сайту „Віртуальнае Берасце” Андрэя Кухарчыка.

Працэс вёў суддзя Яўген Брэган. Кухарчыка абвінавачвалі ў «абразе прадстаўніка ўлады». Паводле версіі абвінавачвання, адпаведны каментар Кухарчык пакінуў у тэлеграм-чаце «Абмяркоўваем небяспечнае Берасце» пад фатаграфіяй дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка. Абвінавачанне прапанавала прызначыць журналісту паўтара гады «хатняй хіміі». Суддзя Брэган з прапановай абвінавачвання пагадзіўся.

З мінулае суботы сайт «Віртуальнае Берасце» перастаў адчыняцца ў некаторых правайдэраў у Беларусі. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, хутка свае лісты блакаванняў абновяць і астатнія правайдэры, і на сайт можна будзе патрапіць толькі праз дапаможныя сродкі. Афіцыйна інфармацыю пра блакаванне рэдакцыя пакуль не атрымлівала. Гэта ўжо другая блакіроўка «Віртуальнага Берасця», першая была ў жніўні 2020 году.