Рэгіна Лавор: Нават падчас “хатняй хіміі” я працягвала пісаць лісты палітвязням



Палітэмігрантка Рэгіна Лавор збірае цёплыя рэчы для жыхароў Херсона і робіць паштоўкі для беларускіх палітзняволеных.

Наколькі важна працягваць падтрымліваць палітзняволеных нават паштоўкай? І ці спадзяецца палітэмігрантка на вяртанне ў Беларусь? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае Рэгіна Лавор у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Як Вы апынуліся ў эміграцыі, чаму Вам давялося з’ехаць з Беларусі?

Рэгіна Лавор: Мая гісторыя пачалася не так даўно. На жаль, я не была вельмі такім палітычным чалавекам. Але мае думкі змяніліся ў жніўні 2020 года. Я пачала выходзіць на пратэсты ў сваім маленькім горадзе. І так атрымалася, што вельмі хутка да мяне прыйшлі. І была ўзбуджана крымінальная справа, па якой я атрымала ў верасні 2021 года два гады “хатняй хіміі” па артыкуле 369 – за абразу прадстаўніка ўлады. Я амаль адбыла гэты тэрмін. Мне заставалася 7 месяцаў, але само пакаранне адбываць было вельмі складана. Падчас “хатняй хіміі” было вельмі шмат праверак, правакацый. У мяне было некалькі парушэнняў, і так сталася, што ў красавіку 2023 года адбылося запар два парушэнні – 4-е і 5-е, пры гэтым я ўжо мела папярэджанне ад пракуратуры аб тым, што ў выпадку новых парушэнняў будзе змена пакарання. Таму адбыўшы чарговыя 10 содняў у ШІЗА, я прыняла рашэнне пакінуць Беларусь. Хоць сур’ёзна ўвогуле не разглядала гэтае пытанне. І з 29 красавіка я знаходжуся ў Польшчы і спрабую наладзіць не толькі сваё жыццё, але і адаптавацца да ўмоваў новай краіны. Каб не так сумаваць па Беларусі.

РР: Вы працягваеце тут таксама займацца грамадскай дзйнасцю. Вы робіце паштоўкі для палітзняволеных.

Рэгіна Лавор: Гэту працу я пачала яшчэ ў Беларусі. Нават падчас адбыцця “хатняй хіміі” я працягвала пісаць лісты, рабіла паштоўкі, падпісвала іх і адпраўляла ў турмы і калоніі. Падтрымлівала сем’і некаторых палітвязняў сярод сваіх знаёмых. І так атрымалася, што проста і псіхалагічна, і эмацыйна гэта праца патрэбна мне і тут. Для таго, каб адчуваць сувязь з Беларуссю, і для таго, каб менш сумаваць. Я пакуль мала часу знаходжуся за мяжой, толькі пяць месяцаў. І вельмі сумую па Беларусі.

Слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле

Беларускае Радыё Рацыя